Выстава “Калі хочацца сонца… ” – гэта, бадай, яшчэ адзін прыклад таго, наколькі арганічнымі могуць быць сучаснае мастацтва і традыцыйная культура. Папярэдняя выстава ў зале “Тэкст традыцыі” філіяла музея пад назвай “Чырвоны кут/2”, відаць, і натхніла супрацоўнікаў музея на яшчэ адзін падобны эксперымент.

І сёння ён праяўляецца праз суседства карцін гомельскага мастака Івана Саладоўніка, які працуе ў тэхніцы пуантылізму, і народных тканін з фондаў нашага музея: ручнікоў, посцілак, фіранак…

Як і Алег Боклаг, карціны якога дагэтуль віселі ў зале “Тэкст традыцыі”, Іван Саладоўнік выказвае пачуцці не толькі праз кропкі-мазкі, але і праз паэтычнае слова. Да кожнага жывапіснага твора ў яго ёсць твор літаратурны, які, напэўна, складана будзе зразумець у адцягненасці ад самой карціны. З іх зачытвання мастаком і пачалося адкрыццё выставы. Каля некаторых карцін аўтар спыняўся і распавядаў гісторыі іх стварэння.

Арганізатар выставы Андрэй Скідан лічыў спачатку недарэчнай ідэю спалучыць народныя тканіны і сучасны жывапіс – аднолькава годныя, але розныя феномены быцця. Але вынікі апынуліся нечаканымі:

- Ідэю падтрымала наша супрацоўніца Людміла Андрэеўна Новікава. Мы прыйшлі ў фонды – а нашыя фонды наконт ткацтва з’яўляюцца аднымі з буйнейшых у рэспубліцы – і пачалі падбіраць тканіны пад кожную карціну. Але не механістычна: вось там птушачкі – і тут птушачкі. Гэта было б занадта прымітыўна. Мы падбіралі па асацыяцыях, па настроях, па нейкіх падсвядомых адчуваннях блізкасці гэтых рэчаў.

Калі Андрэй Валер’евіч пабачыў паралель паміж мазком мастака і крокам ніткі ткачыхі, то Святлана Іванаўна Лявонцьева заўважыла, што жывапіс Івана Саладоўніка асацыятыўны настолькі ж, наколькі і арнаменты тканін.

Паэт і перакладчык Вольга Раўчанка зачытала ўрыўкі з мастацкіх і мастацка-публіцыстычных твораў, на якія натхніў у свой час яе і калег мастака па пэндзлі пуантылізм Івана Саладоўніка.

Але самым каштоўным для нас, бадай, з’яўляецца погляд звонку. Сваю падзяку выказаў спадар, які назваўся Аляксандрам. Ён трапіў на выставу выпадкова, але не застаўся абыякавым:

- Дзякую за пагружэнне ў свет цудоўнага. У штодзённым жыцці з нашымі клопатамі мы не заўважаем гэтага. А вось мастак улавіў момант – і гэты момант адлюстраваў назаўсёды. Вось за гэтыя дваццаць хвілін, што я прабыў тут – вялікі дзякуй!

Калі раптам халодным зімовым днём вам захочацца крышачку сонца, прыходзьце ў філіял Веткаўскага музея, каб наведаць нашую новую выставу.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика