24 снежня ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі прайшла дзіцячая калядна-навагодняя Ялінка. Замест традыцыйных Дзеда Мароза і Снягуркі, галоўнымі героямі ранішніка былі Каза з Мядзведзем, калядоўшчыкі ды батлейка.

Паўсотні беларускамоўных дзетак і іх бацькоў сабраліся ва ўтульнай зале філяіла Веткаўскага музея, каб паглыбіцца ў традыцыі беларусаў, якія асабліва перад Калядамі і Новым годам напаўняюцца цудамі і чараўніцтвам.

Галоўнае дрэўца ранішніка, ялінка, была ўпрыгожана не толькі бліскучымі гірляндамі ды шарамі, але яшчэ і найпрыгажэйшымі традыцыйнымі "арнаментамі" ды саламянымі жар-птушкамі. Да таго ж, вакол навагодняй ялінкі, узвышаўся чароўны лес з неглюбскіх ручнікоў.

Ранішнік пачаўся з "куцці", бо менавіта гэтай стравай і аднайменным абрадам пачыналася святкаванне Каляд у беларусаў. Затым у госці завіталі калядоўшчыкі і праспявалі традыцыйныя калядныя песні, якія цудоўна паклаліся ў рытмы карагодаў, што завялі чароўныя героі разам з дзеткамі вакол ялінкі. Як аказалася, усе дзеткі падрыхтваліся, каб атрымаць салодкія падарункі з гаршочка "куцці". Наперабой разліваліся па залах музея то калядныя спевы, то беларускія вершыкі, то проста прыгожыя беларускія песні ў выкананні самых маленькіх наведвальнікаў. Узрадавалі ўсіх удзельнікаў ранішніка і адмысловыя госці - "Каза вучоная, кіем хрышчоная" і "Мядзведзь са Смаргоньскай семінарыі". Пад вясёлыя рытмы "Го-го-го, каза! / Го-го-го, сера…", галоўная гераіня гэтай песні гарэзліва скакала сярод дзетак, а пасля стаміўшыся "ўпала, здохла-прапала". Дзеткі аказаліся вельмі кемлівымі і адразу пачалі "лячыць" Казу цукеркамі. У адказ, яна дазволіла пацягаць сябе за рожкі, даруючы гэтым дабрабыт і багацце на ўвесь наступны год - "Дзе каза рогам, там жыта стогам". Далей у залу заваліўся Мядзведзь, які адразу ж пачаў танчыць і даказваць сваю "вучонасць": "Мішка, а пакажы як бабы бялізну мыюць, а як хлопец да дзяўчыны заляцаецца, а як дзяўчына саромеецца" - камандаваў прытупваючы нагой павадыр. Батлеечнае прадстаўленне "Цар Ірад" таксама вельмі захапіла гледачоў, якія суперажывалі героям п’есы, то наракаючы на ўчынкі Цара Ірада, то ўсхваляючы думкі Анёла і асуджаючы Чорта, то разліваючыся гучным смехам над гандлем паміж Мужыком і Цыганам. Адмыслова для ялінкі супрацоўнікі музея падрыхтавалі і творчую майстэрню ў якой дзеткі размалёўвалі фарбамі "салёных" пеўнікаў, ялінкі ды зорачкі. І, як аказваецца, жыццё многіх сучасных дзетак не ўсведамляецца без прагляду "Свінкі Пэппы". Таму яны, утульна уладкаваўшыся на цёплых пледах ў імправізаванай кіназале, атрымлівалі асалоду ад навагодняга паказу мультфільма "Свінка Пэппа і Снег".

Дзіцячая Ялінка - то пэўны цуд, у які вераць і дзеткі, і дарослыя ў тым ліку. А беларускамоўная Ялінка для Гомеля, на жаль, таксама цуд. У нас у музеі расце шмат нашых музейных дзетак, ды і шмат сяброў музея таксама завітваюць да нас з дзеткамі, таму ялінку праводзім у першую чаргу для "сябе". Але ў разуменне слова "сябе" мы ўкладваем усю супольнасць, якая імкнецца правесці частачку свайго жыцця ў нашым музеі.


У філіяле музея пройдзе гарадскі вакальны конкурс сярод вучняў школ г. Гомеля “Эх, Каляда, Калядзіца!”

Заяўкі на ўдзел прымаюцца да 25 снежня. Фінал конкурусу пройдзе 15 студзеня 2013 года.

Нагадаем, што конкурс "Эх, Каляда, Калядзіца!" будзе праводзіцца ўжо другі год запар. У мінулым годзе арганізатары былі крыху расчараваныя тым, што амаль усе выканаўцы праігнаравалі адну з асноўных умоў конкурсу: песня мусіць належаць да аўтэнтычнага рэпертуару Гомельшчыны.

Сёлета супрацоўнікі музея правялі падрыхтоўчую працу: у раённыя аддзелы адукацыі былі накіраваныя аўтэнтычныя экспедыцыйныя запісы з расшыфраванымі тэкстамі песень для развучвання кіраўнікамі калектываў і салістаў у школах. Спадзяемся, што гэта паспрыяе больш грунтоўнай падрыхтоўцы ўдзельнікаў да конкурсу.

Палажэнне аб конкурсе глядзець ніжэй ("Вложения")

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика