Нешта здарылася ў прыродзе.

Вось ужо і Раство адсвяткавалі, і Хрышчэнне сустрэлі, на якое звычайна быў моцны мароз, ярка зіхцеў снег, бывала і так, што нават вада замярзала ў калодзежы.

Ды тое было даўней. А цяпер снег і мароз сталі дужа рэдкімі гасцямі ў нашых мясцінах.

Але ж, як толькі дзеці ў яслях-садах ды школьнікі на калядных святочных сустрэчах разам з дарослымі пачалі клікаць і запрашаць Мароза куццю есці, то ўжо пахаладала. Снег, хоць рэдкі і недаўгавечны, усё ж з'явіўся. Сусвет адгукнуўся.

Тук… тук… тук… Гаспадар дома стукае ў шыбу і тры разы гучна кажа:
— Мароз! Мароз! Хадзі да нас куццю есці! Не марозь нашы агуркі, капусту, буракі, бульбу! А будзеш марозіць — будзем цябе жалезнай пугай сеч… — Сказаўшы гэта, гаспадар дома падкідвае лыжку з куццёй высока пад столь.

Так рабілі ў Неглюбцы і Пералёўцы, Казацкіх Балсунах і Малых Нямках. І ў Вялікіх Нямках таксама. Стукалі, казалі, падкідвалі шмат хто і шмат дзе — і дзесяць гадоў назад, і пяцьдзесят.

Гаспадар — галоўны ў доме, Гасподзь — галоўны ў Сусвеце. Гаспадар і Гасподзь — словы з адным корнем. Гасподзь, відаць жа, чуе зварот Гаспадара і адказвае ўраджаем. Або — галодным годам.

Спадзяемся, гэты год будзе ураджайным на зерне, грыбы, ягады, на добрыя людскія справы, на радасную працу.

Завіталі ў гэтыя калядныя дні Ірына Юдзіна — навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава, Пятро Цалка — дырэктар музея да выхаванцаў веткаўскіх ясляў-садоў №1, 3, 4, дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г. Веткі, Радугі і Неглюбкі, ясляў-сада в. Хальч, у Хальчанскую базавую школу з паказам батлеечнай п'есы «Цар Ірад», з каляднымі песнямі, цукеркамі, каляднай зоркай.

Дзеці вучыліся спяваць калядную песню, расказвалі пра свой вопыт калядавання, дзяліліся «шчадроўкамі». Некаторым пашчасціла пабыць нябёснымі пасланцамі — мядзьведзем, казой, механошам, «звездаром». На Каляды рай адкрываецца…

У гэтыя калядныя дні, адбыліся незабыўныя, радасныя сустрэчы з дзецьмі дашкольных і навучальных сярэдніх устаноў Неглюбкі, Радугі і Хальча, вучнямі сярэдніх школ гэтых вёсак, вучнямі СШ №1 г. Веткі, веткаўскай Гімназіі.

Дзеі беларускай народнай п'есы, якая вучыць распазнаваць дабро і зло, радавацца нараджэнню Ісуса Хрыста, па-майстэрску паказаныя Пятром Цалка, нікога не пакідаюць раўнадушным.

Дай Бог здароўя і шчасця кожнаму з нас у Новым годзе!

З Калядамі!

Аўтар тэкста: Л.Д. Раманава
Аўтар фота: Л.Д. Раманава

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика