13 чэрвеня (пятніца) ў філіяле Веткаўскага музея адбудзецца адкрыццё новай выставы "Адкуль родам знакі на нашых ручніках? Ад “козліка” да “яблака””.
У межах праекта "Адкуль родам знакі на нашых ручніках" мы працягваем знаёміць вас з багацейшым арнаментальным фондам, што захаваўся на тэкстылі Пасожска-Падняпроўскага рэгіёна.
Гэтым разам размова пойдзе пра адзін з самых архаічных знакаў нашай традыцыі - касы крыж.
Цесна звязаны з культам нівы, ён можа абазначаць працэс узворвання, памнажэння, або - знак агароджы, абмежавання, закрывання.
Аднак, маючы выразную прыналежнасць да земляробства, касы крыж сягае сваімі каранямі ў глыбокую даўніну першабытных паляўнічых і збіральнікаў.
Пераважная большасць традыцый, якія мы паспелі зафіксаваць, дае гэтаму знаку дастаткова зняважлівую, на першы погляд, назву "казёл". Але чаму тады касы крыж амаль заўжды ідзе ў пары з ромбам - не менш архаічным знакам зямлі? Ці не пра гэта гаворыць нам тэкст агульнавядомай калядкі "Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць"? І пры чым тут, урэшце "яблак"?
Пра гэта наша новая выстава "Адкуль родам знакі на нашых ручніках? Ад "козліка" да"яблака"".
.
.
Праект "Адкуль родам знакі на нашых ручніках?" прадстаўляе вынік шматгадовай працы музея, які змяшчае матэрыялы экспедыцыйных і фондавых навуковых даследаванняў ткацкіх традыцый паўднёвага ўсходу Беларусі.
Запрашаем не проста на адкрыццё выставы, а на сустрэчу з традыцыяй!
Калі: 13.06 у 16:00.
Дзе: г. Гомель, плошча Леніна, 4а (у парку, за саборам Пятра і Паўла).
Уваход на адкрыццё вольны.
Тэлефон філіяла: +375 232 50-96-98