
24 красавіка (пятніца) а 16-й гадзіне ў філіяле Веткаўскага музея адбудзецца адкрыццё новай выставы "Выратаванае Евангелле".
Сярод 59 населеных пунктаў Веткаўскага раёна, якія зніклі з мапы пасля Чарнобыльскай трагедыі ў 1986-1991 гг., значыцца і Косіцкая. Гэта вёска знакамітая тым, што яна - адна з першых трох слабод, заснаваных яшчэ ў XVII ст. стараабраднікамі. Дзеля захавання "старой веры" яны беглі за мяжу, на землі Вялікага княства Літоўскага, дзе і ўзнік магутны цэнтр стараабрадніцкай культуры - Ветка.
Сярод кніжных скарбаў, захаваных жыхарамі Косіцкай, – рукапіснае Евангелле XVI ст., упрыгожанае рознакаляровым арнаментам, з ужываннем тэмперных фарбаў і ліставога золата. Манускрыпту, як мяркуецца, створанаму на землях ВКЛ, – паўтысячы гадоў. А праца майстра да гэтага часу цэлая, радуе вока і сэрца. Папера ручной працы - французская, гэтага часу: са старонкі на старонку бяжыць вадзяны знак - дзік.
Кніга была напрастольным Евангеллем у косіцкім Троіца-Сергіевым храме. У 1934 годзе ўсе кнігі з храма вынеслі - каб закапаць як перажытак мінулага. Уначы кнігу ўдалося выратаваць адной жанчыне, праўда, ужо без каштоўнага акладу. Кнігу схавалі і захавалі. У спадчыну яна дасталася пляменніку выратавальніцы, Васілю Вікулавічу Клімянкову.
У 1991 годзе знікла і сама Косіцкая слабада. Разважаючы пра лёс цудоўнага манускрыпта, яго гаспадар, ужо стары, у 2005 г. наведаў Веткаўскі музей і сказаў: "Сюды. Яна тут дома будзе".
І зараз гэтае выратаванае Евангелле можа ўбачыць кожны госць нашага музея.
Запрашаем вас на адкрыццё выставы!
Калі: 24.04.2026 у 16:00.
Дзе: філіял Веткаўскага музея - г. Гомель, плошча Леніна, 4а (у парку, за саборам Пятра і Паўла).
Уваход вольны.
Тэлефон філіяла: +375 232 50-96-98

