З такой назвай 5 лютага 2016 года адкрылася ў філіяле Веткаўскага музея стараабрадніціва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава выстава, прысвечаная Кнізе кніг. Менавіта так называюць Евангелле.

Мабыць, няма ў свеце больш ніякай іншай кнігі, якая выклікае столькі ж запалу, спрэчак, тлумачэнняў. Ва ўсе часы яна магічна прыцягвала да сябе тысячы і тысячы чалавечых душ, якія імкнуліся да спазнання ісціны. На кожным этапе свайго жыцця мы зноў і зноў вяртаемся да гэтых тэкстаў, спрабуючы зразумець філасофскую глыбіню, мудрасць, зняволеныя ў іншасказальнай мове. Кнігі евангелістаў поўныя афарызмаў, выслоўяў, якія і сёння жывуць у нашых прамовах. Ва ўсе часы да гэтых кніг звярталіся вялікія мастакі, паэты, пісьменнікі. Іх творчае асэнсаванне тэкстаў, увасобленае ў вобразах, дапамагае і нашаму пранікненню ў іх. Евангелле можна параўнаць з калодзежам. Чым глыбей апускаешся, чым з большай глыбіні зачэрпваеш ваду, тым яна чысцей, больш празрыстая і смачнейшая.

На выставе, прысвечанай гэтай святой Кнізе, прадстаўлены рукапісныя і друкаваныя рарытэты з фондаў Веткаўскага музея, якія сведчаць аб бесперапыннасці духоўнага шляху чалавека. Рукапіснае Евангелле, створанае на беларускай зямлі ў XVII ст. дзівіць глыбокай арнаментальнай сімволікай. Евангелле, перапісанае ў 1916 - 1918 гг. у Веткаўскім рэгіёне адрозніваецца выдатнымі маляўнічымі мініяцюрамі, ўзорамі для якіх паслужылі рукапісы XV ст.

Сярод друкаваных Евангелляў, вядома ж, вылучаецца Евангелле, надрукаванае Пятром Мсціслаўцам у Вільні ў 1575 годзе.

На выставе прадстаўлены і факсімільныя выданні рукапісных Евангелляў XI - XIV стст, сярод якіх самае першае, створанае на беларускай зямлі - Тураўскае Евангелле XI ст., Луцкае Евангелле XIV ст. з калекцыі М.П. Румянцава. І, нарэшце, найцікавейшае сучаснае выданне Евангелля ад Марка з дзіўнымі ілюстрацыямі пецярбургскай мастачкі Апалінарыі Мішынай. Гэта нават не ілюстрацыі, а спроба спасціжэння глыбокага сэнсу праз вобраз, слова. Гэта кніга, у якой слова набывае плоць, ​​а плоць становіцца словам. І міжволі ўспамінаюцца словы Евангелля: ".. У пачатку было Слова І Слова было ў Бога і слова было Бог."

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика