Чарговае адкрыццё выставы ў філіяле Веткаўскага музея вылучала асаблівая душэўнасць: яно было падобна на сустрэчу аднавяскоўцаў, якія даўно адно аднаго не бачылі. І гэта часткова было насамрэч так, бо шмат хто з прысутных гасцей быў родам з таго самага сяла Свяцк Навазыбкаўскага раёна, якому і прысвечана выстава.

Але першай узяла слова супрацоўніца Веткаўскага музея Святлана Лявонцьева. Яе крыху засмуцілі словы загадчыка філіяла Пятра Цалкі аб тым, што святую справу па зборы экспанатаў пачалі тады, калі ён "яшчэ не нарадзіўся". Але вялізную заслугу старэйшага пакалення супрацоўнікаў немагчыма пакінуць незаўважанай.

- Гэтую выставу не хочацца называць выставай. Гэта успамін: аб тым сяле, якога ўжо няма, - кажа Святлана Іванаўна, зважаючы на постчарнобыльскі лёс стараверскай слабады.

Супрацоўнікі паспелі пабываць у Свяцку яшчэ да высялення і падачыняцца з тамтэйшымі жыхарамі, аднак бязмерна шкадуюць, як мала было гэтах зносін і як няшмат сабрана інфармацыі. Расповед Святланы Іванаўны быў сапраўды поўны шчымлівых успамінаў. Адзначыла яна і моцную гістарычную сувязь Веткі са Старадубшчынай, са слабадой Свяцкой: пасля першай выганкі Ветка рушыць і накіроўвае сваю царкву менавіта ў Свяцк. Перапраўка на плытах мала чаго пакінула ў цэласці. І частку не толькі рэчаў са Свяцка, але і з той самай царквы – паводле меркавання нашых супрацоўнікаў - можна пабачыць на выставе.

Асобна спынілася Святлана Іванаўна на суровым і грозным вобразе Міколы Адводзячага на свяцкай іконе: лічыцца, што менавіта такая разнавіднасць выяў Святога Міколы здольная адвесці зло ад чалавека.

Пасля беглага агляду іншых экспанатаў, сабраных у экспедыцыях (а нашыя супрацоўнікі былі ў Свяцку і пасля аварыі на ЧАЭС), слова было дадзена прыхаджанніну стараверскага храма ў Навазыбкаве Аляксею Бяласу і загадчыку Аддзела Краязнаўства маскоўскай ЦБС “Солнцево” Алегу Камянецкаму. Яны выканалі духоўны верш пра баярыню Марозаву.

Наступнай слова ўзяла даследчыца стараверскай культуры на Веткаўшчыне і Старадуб’і Марына Качаргіна. Марына Віктараўна, адзначыўшы выбітнасць сяла Свяцк, таксама ў сваёй прамове зрабіла акцэнт на моцныя сувязі ўнутры веткаўска-старадубскай культурнай прасторы.

У Свяцку некалі ладзілася да 9 кірмашоў на год, і частка экспазіцыі прысвечана гэтаму баку жыцця сяла. А ў кірмашовую вясёлую атмасферу ўвяла ўсіх Наталля Дуброва, выканаўшы рускую народную песню “Ехал на ярмарку ухарь-купец”.

А пакуль для гасцей разлівалася гарбата з самавара, Аляксей Бялас прапанаваў прадэманстраваць жывую традыцыю старажытных крукавых спеваў, якая дагэтуль захавалася ў старавераў. На гэты раз мужчынскі вакал быў дапоўнены жаночым голасам былой жыхаркі Свяцка (а цяпер - гамяльчанкі), якая наведала нашую выставу.

Штогод, на Прачыстую (28 жніўня) з усіх куткоў, па якіх раскідаў лёс былых жыхароў Свяцка, з’язджаюцца людзі ў гэты выселены пункт на набажэнства. Успамінамі і ўражаннямі ад гэтых паездак поўнілася размова нашых гасцей напрыканцы адкрыцця. А наша выстава-ўспамін – яшчэ адна даніна памяці слаўнаму пасаду.

- Прыгажосць такая, пяюць як прыгожа… - кажа пра адкрыццё выставы Надзея Мармукова. – Я ў Маскве навучалася, на мастацкім факультэце. Мы гісторыю мастацтваў вывучалі, у тым ліку і стараверскую. Песню гэтую ведалі, якую Наталля спявала. Гэта было для мяне ўсё адно як маладосць узгадаць.

Спыталі мы пра ўражанні і былога жыхара Свяцка Мікалая Карупанава:

- Гэта не толькі выстава. Гэта гады майго юнацтва, майго дзяцінства. Мне настолькі тут усё роднае і блізкае… Кранае і дае пажыву для ўспамінаў аб сваіх родных, блізкіх, знаёмых, сябрах.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика