27 кастрычніка ў вёсцы Неглюбка Веткаўскага раёна адбыўся працяг гомельскага фестывалю "Кросенцы" пад аналагічнай назвай. Шмат хто з супрацоўнікаў музея так ці інакш удзельнічаў у неглюбскім свяце: загадчык філіяла Пятро Цалка далучыўся да арганізацыі, навуковы супрацоўнік Людміла Новікава і дырэктар Галіна Нячаева зладзілі майстар-клас па апрананні неглюбскага строя, Наталля Багданава (гурт "Бан-Жвірба") і Валянціна Міронава (гурт "Млын Сонца") ўзялі ўдзел у канцэртнай праграме фестывалю.
З надвор'ем неглюбскаму фестывалю пашанцавала меней, чым гомельскаму, усе асноўныя падзеі адбываліся ў памяшканнях мясцовага дома культуры, а не на вуліцы. Аднак тое, што ідэю мінулагодняга "Свята беларускага ручніка" не толькі не кінулі, але і развілі - цудоўная тэндэнцыя. Бо Неглюбцы насамрэч ёсць чым здзівіць не толькі Беларусь, але і ўвесь свет, што неаднаразова пацвярджалася на практыцы.
Ва ўрачыстых прамовах напачатку феставалю прагучалі словы падзякі і нашаму музею за вялізны ўнёсак у вывучэнне неглюбскага ткацтва. А перад тым, як распачалася канцэртная праграма, узяла слова і Галіна Рыгораўна Нячаева. Яна не абмінула сваю любімую тэму семантыкі старажытных знакаў на ручніках. А напрыканцы падзякавала тутэйшым майстрыхам:

- Вось гэтыя старажытныя знакі захавалі ў Неглюбцы і перадаюць. Я таксама захапляюся ручнікамі. Глыбокі паклон усім неглюбчанам, няма больш такой вёскі на Зямлі!
Акрамя адзначаных гуртоў ("Млын Сонца", "Бан-Жвірба") у канцэртнай праграме прынялі ўдзел наступныя калектывы: "Отрада" (Верашчакі), "Вясёлыя музыкі", "Крыніца" (Ветка), "Стаўбунскія вячоркі" (Стаўбун), "Ягорава гара" (Гомель), а таксама салісты А. Кабкова, В. Паліцына і інш.
Была ў гасцей свята магчымасць не толькі паглядзець, як апранаецца складаны неглюбскі строй, даведацца аб прызначэнні ўсіх яго элементаў, але і навучыцца вырабу некаторых яго атрыбутаў: гарячкі - бісернага жаночага ўпрыгожання, кубка - дзявочага галоўнога ўбора. Майстар-класы праводзіліся згуртаваннем "Ніток" неглюбскага цэнтра ткацтва. А напрыканцы свята адбыўся майстар-клас па бытавых танцах на чале са "Стаўбунскімі вячоркамі".

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика