Навіны

Сябры, Веткаўскі музей прадставіць сваю выставу ў Гродна!

У гэтую сераду 29 сакавіка адбудзецца адкрыццё нашай выставы «Пакроўскія вароты. Чатыры вобразы Веткі» ў Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі.

Наша выстава - гэта новы погляд на пытанні пра аснову людскога быцця - мыслення - творчасці. Дыялог з тымі, хто перад намі ставіў тыя ж пытанні: аб наватарстве Майстра.

Сябры, паспрабуем даваць анонс мерапрыемстваў у Веткаўскім музеі і яго гомельскім філіяле адразу на цэлы месяц.
Так вам будзе зручней спланаваць наведванне нашага музея і не прапусціць тое, што цікава.

*Асобна кожную падзею мы будзем больш падрабязна анансаваць бліжэй да даты яе правядзення, як гэта робім заўсёды.
У гэтым анонсе магчымы змены, пра якія, канешне, будзем паведамляць.

Для дзіцячых груп у нас заўсёды ёсць цікавыя экскурсіі, займальныя майстар-класы, разнастайныя гульні, у тым ліку з песнямі, карагодамі, танцамі.

Любім прымаць у нашым музеі цікаўныя, ахвочыя адначасова да новых ведаў і гульняў дзіцячыя групы. А дзеці, як падаецца нам і іх настаўнікам ды выхавацелям, любяць прыходзіць да нас.

Прымаем групы толькі па папярэднім запісе.

Запрашаем на куратарскую лекцыю ў межах новай выставы "Усім вам смуткуючым радасць".

Тэма лекцыі: "Честнейшую херувим…” Іканаграфія Багародзіцы ў Веткаўскай іконе.

24.03 (пятніца) у 18:00, філіял Веткаўскага музея.

Даражэнькія!
Запрашаем усіх вас на “Гуканне вясны” з Веткаўскім музеем!

1 красавіка (субота) у 12:00.

«Гуканне вясны» — архаічны абрад, звязаны з абуджэннем прыроды і заклікам вясны. Своеасаблівы пераход ад зімы да лета. Ад гэтага раней асабліва залежаў дабрабыт чалавека.

Давайце разам справім адзін з самых адметных абрадаў Гомельскага Палесся і абудзім зямлю ад зімовага сну. Гэта абрадавае дзеянне павінна адзначацца весела, шумна: са спевамі, гульнямі, карагодамі, танцамі!

Даражэнькія!

На гэтым тыдні заняткі нашай "Школкі традыцыйных спеваў" адбудуцца ў нядзелю 26.03 а 14-й гадзіне!

Рыхтуемся да ГУКАННЯ ВЯСНЫ!

Прыходзьце самі і бярыце з сабой кампанію.

На такіх занятках няма гледачоў - усе ўдзельнікі. Мы ўсе спяваем разам. Не важна, ці ўмееце вы спяваць, ці ведаеце песні.

19 сакавіка ў філіяле Веткаўскага музея адбыўся майстар-клас па вырабу андарака.

Напачатку Наталля Кадзетава (загадчыца філіяла Веткаўскага музея) апавяла пра віды традыцыйнага паяснога адзення, як яно зменьвалася ў залежнасці ад узросту дзяўчыны. І, канешне, пагаварылі пра сам андарак: хто і калі яго апранаў, якая даўжыня павінна быць, які колер і ўзор на тканіне. Разгледзелі розныя варыяцыі андаракоў: неглюбскі, казацка-балсунскі, маркавіцкі, калінкавіцкі.

18 сакавіка ў філіяле Веткаўскага музея мы вырашылі дапоўніць сумесны прагляд фільма "Несцерка" смачным майстар-класам. Таму, паралельна абгаворваючы пабачанае кіно, прыгатавалі, а пасля і пасмакавалі зацірку - страву, якую лічаць беларускай нацыянальнай.

Але ж, вельмі верагодна, што не ў нас яна была прыдуманая. Страва з такой жа назвай ёсць у польскай кухні, у венграў падобная страва вельмі папулярная пад назвай "тархоня", такія стравы ёсць у туркаў і ў іншых цюркскіх народаў, а яшчэ ў харватаў і італьянцаў... Карацей, з паходжаннем ёсць пытанні.

Але мы раскажам пра рэцэпт і пару сакрэтаў прыгатавання, якімі падзялілася на майстар-класе загадчыца філіяла Веткаўскага музея Наталля Кадзетава.

Upd: запіс закрыты. Калі з'явяцца вольныя месцы - паведамім).

У суботу 25 сакавіка адбудзецца майстар-клас па лепцы з гліны!

Тэма гэтых заняткаў будзе сугучная нашай новай выставе - батаніка! Будзем выкарыстоўваць адбіткі раслінак.

Узрост: ад 12 год.

Абавязковы папярэдні запіс па тэлефоне +375(232)509698 (альбо ў асабістыя паведамленні) і перадаплата ў філіяле музея да пятніцы (уключна).

 

Даражэнькія, у гэтую нядзелю 19 сакавіка ў 14:00 у філіяле Веткаўскага музея мы правядзём майстар-клас па вырабу андарака!

Андарак - гэта від беларускага жаночага паяснога адзення - доўгая шырокая спадніца.

Правядзе майстар-клас загадчыца філіяла музея Наталля Кадзетава. Наталля раскажа і пакажа ўсе сакрэты стварэння прыгожага андарака.

Што неабходна ўзяць з сабой на майстар-клас:

Даражэнькія, 22 сакавіка па народным календары мы адзначаем свята Саракі.

Як кажуць у народзе, "на Саракі дзень з ноччу мераюцца" - менавіта ў дзень вясновага раўнадзенства, лічыцца, пачынае абуджацца зямля ад зімовага сну.

І па традыцыі, на Саракі гаспадыні пяклі пячэнне ці булачкі ў выглядзе птушак.

З гэтай нагоды, 22 сакавіка ў філіяле Веткаўскага музея ўсіх, хто замовіць экскурсію (з экскурсаводам), мы будзем частаваць печанымі птушачкамі!

Даражэнькія!

У суботу 18.03 а 14-й гадзіне запрашаем вас на заняткі нашай "Школкі традыцыйных спеваў".

Пачнём рыхтавацца да ГУКАННЯ ВЯСНЫ!

Прыходзьце самі і бярыце з сабой кампанію.

На такіх занятках няма гледачоў - усе ўдзельнікі. Мы ўсе спяваем разам. Не важна, ці ўмееце вы спяваць, ці ведаеце песні.

Супольныя спеўкі - выдатная магчымасць паспяваць усім разам, і тым, хто наведвае заняткі даўно, і тым, хто прыйдзе да нас упершыню.

Запрашаем на куратарскую лекцыю ў рамках выставы "Спасава Слабада".

Тэма лекцыі: “Стараабрадніцкая сям’я Кавалёвых з Гомеля”.

17.03 (пятніца) у 18:00, філіял Веткаўскага музея.

У 1898 годзе Фядот Іванавіч Кавалёў набыў у раёне Спасавай слабады - на рагу Фельдмаршальскай і Ветранай вуліц - дом, які перабудаваў для сваёй сям'і. Гэты дом па вул. Пралетарскай, 33 стаіць і сёння. За год да гэтага адбылося вяселле Фядота Кавалёва і Вольгі Пляханавай - выхадцаў са стараабрадніцкіх сем'яў, якія адрозніваліся глыбокай рэлігійнасцю. З тых часоў і пачала сваю гісторыю сям'я Кавалёвых, якая доўжыцца дагэтуль.

Сябры!

У суботу 18 сакавіка ў 16:00 запрашаем усіх кінаманаў ды проста ахвочых да нас у кінаклуб “ЭТНАфільМЫ”!

Гэтым разам прапануем добрае сямейнае кіно, якое спадабаецца і дарослым, і дзецям - "Несцерка". Фільм пра вясёлыя прыгоды беларускага народнага героя Несцеркі, які мае невынішчальны аптымізм, розум і кемлівасць, падарожнічае па родным краі, ніколі не смуткуе і заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу.

Сувенір - дробязь, ці сур’ёзная маркетынгавая праца музея? А якім зараз павінен быць цікавы сувенір, і што сёння можа прапанаваць Веткаўскі музей?

На гэтай сустрэчы мы зробім аналіз сувенірнай крамы нашага музея і прывядзем прыклады найбольш ўдалых, на наш погляд, музейных крамаў Беларусі і замежжа. Прэзентуем сувенірную лінейку Веткаўскага музея, а таксама запросім гасцей: мастакоў, рамеснікаў, выкладчыкаў, студэнтаў...

 

Запрашаем на куратарскую лекцыю ў рамках выставы “Усім вам смуткуючым радасць”.

Тэма лекцыі: “Если бы мы могли понимать облака…”

10.03 (пятніца) у 18:00, філіял Веткаўскага музея.

 

8 сакавіка ў філіяле Веткаўскага музея (што ў Гомелі) адкрылася выстава "Кераміка і ЭТНАбатаніка".

Этнабатаніка - гэта народныя веды пра расліны ў культуры пэўнага народа. На нашай новай выставе мы вырашылі паспрабаваць раскрыць магію расліннага свету беларусаў.

Экспазіцыю складаюць аўтарская кераміка з адбіткамі тутэйшых раслінак ад майстрыхі Вольгі Жарнасек, неверагодныя неглюбскія ручнікі і посцілкі з расліннымі ўзорамі, а таксама фрагменты пасудзін ажно эпохі неаліту, на якіх таксама прысутнічаюць "елачкавыя" і іншыя ўзоры.

8 сакавіка (серада) у філіяле Веткаўскага музея адбудзецца адкрыццё новай выставы "Кераміка і ЭТНАбатаніка".

Пачатак вясны, абуджэнне прыроды мы вырашылі адзначыць выставай, галоўным героям якой будуць расліны.

Аснова новай выставы мае тры складнікі:
• аўтарская кераміка майстрыхі Вольгі Жарнасек і яе светаўспрыняцце раслін;
• неглюбскія ручнікі і асэнсаванне раслінных узораў ткачыхамі;
• народная медыцына і магія праз раслінны свет.

Запрашаем на куратарскую лекцыю ў рамках выставы "Спасава Слабада".

Тэма лекцыі: «“To be, or not to be…” Помнікі архітэктуры на тэрыторыі Спасавай слабады».

03.03 (пятніца) у 18:00, філіял Веткаўскага музея.

У апошнія выходныя гэтай зімы мы з вашай дапамогай і ўдзелам зладзілі ажно дзве вечарыны!

Нагода на тое была важная - Масленіца!

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика